Рука Масквы ці балгарская крыўда?
Автор: Анатоль Сідарэвіч
1 чэрвеня 2016 г. Святы Сінод Балгарскай Праваслаўнай Царквы выступіў за адтэрміноўку Вялікага і Святога Сабору Праваслаўнай Царквы. Назаўтра ж прадстаўнік Кіеўскага Патрыярхату, архібіскуп Чарнігаўскі і Нежынскі Яўстрацій Зора (Зоря) заявіў, што рукамі балгараў Усеправаслаўны Сабор зрывае Маскоўская Патрыярхія.
Таксама 2 чэрвеня мы прачыталі каментар нейкага балгарскага багаслова, які пажадаў застацца ананімам. З гэтага тэксту вынікае, што ў Балгарскай Праваслаўнай Царкве вельмі моцныя антыканстанцінопальскія настроі і што гэтыя настроі ў пэўнай меры справакаваныя Патрыярхам Варфаламеем. Запрошаны летась у Балгарыю, узнагароджаны балгарскім ордэнам, прадстаяльнік Канстанцінопальскай Царквы замест таго, каб падзякаваць за прыём і за ўзнагароду, нагадаў балгарам, што ў свой час іх армія добра-такі парабавала элінскія храмы і манастыры. Варфаламей запатрабаваў, каб Балгарыя вярнула нарабаванае дабро. Балгары пакрыўдзіліся.
Маюцца ў балгараў і іншыя прэтэтэзіі да Усяленскага Патрыярха. Як вынікае з каментара, цяпер яны вырашылі адпомсціць Варфаламею.
Аўтар каментара сцвярджае, што Патрыярх Балгарскі вельмі абмежаваны ў сваіх правах, і яго подпіс пад перадсаборнымі дакументамі не меў вырашальнага значэння. Каментатар дае зразумець, што інцыятарам антысаборнай пастановы балгарскага Сіноду быў плоўдзіўскі мітрапаліт Мікалай. Аднак мы не можам быць упэўненыя ў тым, што мітрапаліт Мікалай не раіўся перад пасяджэннем балгарскага Сіноду з маскоўскімі калегамі. На такую думку наводзіць пасланне, якое накіраваў Варфаламею прадстаяльнік Маскоўскай Царквы.
Кірылу патрэбная карцінка
Выяўляецца, што прадстаяльнік Маскоўскай Царквы таксама не ведаў, што ён падпісваў, а потым спахапіўся. Як і балгарскіх архірэяў, Кірыла вельмі занепакоіла пытанне пра тое, як рассядуцца ў зале пасяджэнняў прадстаяльнікі памесных Цэркваў. Як і балгарскіх сінадалаў, Кірыла занепакоіла таксама праблема выдаткаў на Сабор.
Зацікаўлены ў тым, каб Сабор адбыўся, Варфаламей пайшоў насустрач патрабаванням Кірыла. СМІ паведамляюць, што Канстанцінопальскі Патрыярхат задаволіў патрабаванні РПЦ наконт размяшчэння ўдзельнікаў Сабору, а вось наконт фінансаў паведамленняў няма. А былы функцыянер Маскоўскага Патрыярхату протаіярэй Усевалад Чаплін не стрымаўся, каб не адзначыць у сувязі з гэтым, што Кірыла турбуюць толькі тэлевізійная карцінка і фінансы, а не багаслоўскія і эклесіялагічныя пытанні.
Эладскі чыннік
У адрозненне ад прадстаяльніка РПЦ, Святы Сінод Іеархаў Эладскай Праваслаўнай Царквы менш цікавяць тэлевізійная карцінка і фінансавыя пытанні (як-ніяк, Сабор мае адбыцца на тэрыторыі Грэцыі), затое грэцкія архірэі выказалі багаслоўска-эклесіялагічныя прэтэнзіі да праекту саборнага дакумента «Адносіны Праваслаўнай Царквы з астатнім хрысціянскім светам».
Гэта вельмі цікавы дакумент. З яго вынікае, што не ўсходнія Цэрквы (якія атрымалі назву праваслаўных) аддзяліліся ад Пятровага Пасаду, а Пятроў Пасад аддзяліўся ад Праваслаўнай Царквы.
З аднаго боку, у дакуменце напісана, што «еднасць, якою валодае Царква паводле сваёй анталагічнай прыроды, не можа быць парушана», а з другога сцвярджаецца, што Праваслаўная Царква працавала і працуе дзеля «аднаўлення еднасці хрысціян», дзеля таго, каб «падрыхтаваць шлях да еднасці». Вось на гэтую супярэчнасць і звярнулі ўвагу іерархі Эладскай Царквы.
Цалкам згадзіўшыся з тэзісамі, што Праваслаўная Царква выконвае ўсяленскую місію і што гэтая місія і доўг палягаюць у тым, каб «перадаваць і абвяшчаць усю ісціну, якая ўтрымліваецца ў Святым Пісанні і Святой Традыцыі», іерархі Эладскай Царквы не хочуць прызнаваць іншыя хрысціянскія аб’яднанні цэрквамі.
У праекце саборнага дакументу запісана: «Праваслаўная Царква канстатуе існаванне ў гісторыі іншых хрысціянскіх цэркваў і канфесій, якія не знаходзяцца ў сумоўі з ёю». Афінскі Сінод настойвае на тым, каб слова «цэркваў» было памяняна на «абшчын».
Такім чынам, Каталіцкая Царква, якая аб’ядноўвае больш за мільярд рыма-каталікоў і вернікаў усходніх каталіцкіх цэркваў, з пункту гледжання афінскага Сіноду – абшчына (грамада), а той, каго Усяленскія Саборы прызналі першым сярод прадстаяльнікаў цэркваў, – адно толькі кіраўнік грамады (абшчыны). Вельмі цікавая сітуацыя. Ці пойдуць удзельнікі Сабору на саступку Эладскай Царкве?
Антыяхійскія жаданні
Свае прэтэнзіі да Усяленскага Патрыярха і да Усеправаслаўнага Сабору мае і Антыяхійская Царква.
Справа ў тым, што тры гады таму Ерусалімская Праваслаўная Царква заснавала сваю архіепархію ў Катары. Катар, як вядома, знаходзіцца на Катарскім паўвостраве ў паўночна-ўсходняй частцы Аравійскага паўвострава. Здавалася б, Патрыярх Феафіл ІІІ, які мае тытул Патрыярха Святога горада Ерусаліма і ўсяе Палесціны, Сірыі, Аравіі, абовух бакоў Іярдана, Каны Галілейскай і Святога Сіёна, зрабіў усё ў межах сваёй кампетэнцыі. Аднак Катар сваёй кананічнай тэрыторыяй лічыць і Патрыярх Антыяхійскі які мае тытул Патрыярха Вялікай Антыёхіі, Сірыі, Кілікіі, Месапатаміі і ўсяго Усходу. Дайшло да таго, антыяхійскі Патрыярх Ян Х не хоча служыць адну літургію са сваім ерусалімскім калегам Феафілам ІІІ, а таму адсутнічаў на сінаксісе 2014 г. на Фанары і на нарадзе 2016 г. у Шамбезі.
Антыяхійская Царква настойвае на тым, што яе спрэчку з Царквой Ерусалімскай павінен разгледзець Вялікі і Святы Сабор Праваслаўнай Царквы. Аднак Святы Сінод Канстанцінопальскай Царквы і Усяленскі Патрыярх вырашылі, што праблему мэтазгодна вырашаць пасля Сабору.
Варфаламей мае рацыю: для таго, каб урэгуляваць канфлікт, патрэбны працяглы час. Але мае рацыю і Ян Х: рашэнне Сабору, калі б яно было прынятае, больш аўтарытэтнае за рашэнне Усяленскага Патрыярха. Такім чынам, у кожнага свая рацыя. І праўдпадобна, што ні Ян Х, ні дэлегацыя Антыяхійскай Царквы на Усеправаслаўны Сабор не прыедуць.
Маскоўскія разлікі
Сінод Маскоўскай Царквы маўчаў да вечара 3 чэрвеня. Толькі ў 19 гадзін 45 хвілін на афіцыйным сайце Маскоўскага Патрыярхату з’явіліся журналы пасяджэнняў Святога Сіноду.
З таго, што мы чытаем у журнале № 35 «аб сур’ёзных праблемах, якія ўзніклі ў ходзе падрыхтоўкі Святога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы», вынікае:
1) адсутнасць хоць бы адной агульнапрызнанай аўтакефальнай Царквы на Саборы складае непераадольную перашкоду для яго правядзення;
2) Маскоўскі Патрыярхат ані не думае заклікаць Балгарскую і Антыяхійскую Цэрквы ўзяць удзел у Саборы;
3) толькі 3 чэрвеня Сінод РПЦ зацвердзіў прапановы аб папраўках да праектаў двух дакументаў Сабору;
4) Масква звяртае ўвагу і на тое, што свае заўвагі да праектаў дакументаў, якія належыць прыняць Сабору, маюць таксама Грузінская, Балгарская, Сербская, Эладская Цэрквы і Кінот святой гары Афон.
У гэтай сітуацыі Масква прапануе тэрмінова – не пазней як 10 чэрвеня – правесці Усеправаслаўную перадсаборную нараду, каб «Праваслаўныя Цэрквы маглі выказаць меркаванне адносна магчымасці правядзення Усеправаслаўнага Сабору ў прызначаны тэрмін». Адказу на пытанне, дзе павінна адбыцца такая нарада (на Фанары ці ў Шамбезі), няма.
З гэтага можна зрабіць выснову, што Маскоўскі Патрыярхат, як і Балгарская Царква, хутчэй за ўсё будзе настойваць на адтэрміноўцы Сабору.
Маскоўскі разлік просты: зацікаўлены ў правядзенні Сабору, Усяленскі Патрыярх Варфаламей будзе будзе шукаць згоду з РПЦ, шукаць яе падтрымку. У абставінах няпэўнасці і рознагалоссяў паміж Цэрквамі яго менш будуць турбаваць праблемы Праваслаўя ва Украіне.
Масква чамусьці не дапускае думкі, што Варфаламей можа махнуць рукой на ідэю Усеправаслаўнага Сабору і шчыльна заняцца ўкраінскай праблемай. А імавернасць такога ўчынку прадстаяльніка Канстанцінопальскай Царквы даволі высокая. Дастаткова згадаць, што нядаўна на Фанары пабываў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Але перш чым сустрэцца з Варфаламеем, ён сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі. Назіральнікі не выключаюць, што кіраўнікі абедзвюх дзяржаў маглі абмяркоўваць і царкоўнае пытанне. У прэзідэнта ж Турцыі, які не лепшым чынам ставіцца да расійскага кіраўніцтва і ўзяў курс на збліжэнне з Украінай, ёсць рэальная магчымасць уплываць на Варфаламея. Калі жаданні Кіева, Анкары і Фанара супадуць, Маскоўскі Патрыярхат можа панесці вялікія страты.
Вядомая ісціна: Расія без Украіны не зусім імперыя. Маскоўскі ж Патрыярхат без Украіны не зможа прэтэндаваць на дамінаванне ў праваслаўным свеце.
Нет комментариев на “Рука Масквы ці балгарская крыўда?”